НАПЯРЭДАДНІ ДНЯ ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ

5 мая, напярэдадні Дня Перамогі, кадэты Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча атрымалі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю Мінскага абласнога драматычнага тэатра і паглядзець спектакль “Не пакідай мяне”.
Прэм’ера балады ў дзвюх дзеях па п’есе беларускага дарматурга Аляксея Дударава адбылася 2 мая 2019 года ў горадзе Маладзечна.
Вядомыя акторы расказалі гісторыю маладога капітана Міхасёва, які ў 1944 годзе ў пачатку наступальнай аперацыі “Баграціён” атрымлівае важнае заданне, якое ён павінен выканаць у тыле ворага разам з новымі разведчыкамі. Здаецца, нічога незвычайнага для рэалій ваеннага часу. Толькі вось падначаленая яму група… Важнае заданне, з якім не змаглі справіцца вопытныя разведчыкі, камандаванне даручае чатыром “байцам” – непадрыхтаваным учарашнім школьніцам.
Ці справяцца дзяўчаты з заданнем? Ці змогуць выжыць? Адкрытых адказаў на гэтыя пытанні глядач са сцэны не атрымлівае. Дзяўчаты смяюцца, спяваюць, перажываюць за каханых. І толькі па засмучаным твары капітана Міхасёва становіцца зразумела, што гэты загад першы і апошні для “групы”.
Кадэты з задавальненнем сустрэлі актораў і вельмі ўдзячныя за магчымасць атрымліваць асалоду ад тэатральнага мастацтва.

Ірына Андрыевіч